Nokia
Nokia (NYSE: NOK) — фінская транснацыянальная кампанія, адзін з сусветных лідараў у вобласці мабільных камунікацыйных тэхналогій, вядучы пастаўшчык абсталявання для мабільных, фіксаваных, шырокапалосных і IP-сетак. Nokia вядомая сваімі мабільнымі тэлефонамі і смартфонамі. Па даных кампаніі у 4 квартале 2007 года яна займала першае месца ў свеце па пастаўках мабільных тэлефонаў.[8] Штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца ў Эспаа, прыгарадзе Хельсінкі.
У 2014 годзе Microsoft купіла бізнес мабільных тэлефонаў Nokia, стварыўшы з яго ўласную даччыную кампанію Microsoft Mobile. Пасля гэтага Nokia стала больш засяроджвацца на тэлекамунікацыйным бізнэсе і тэхналогіях інтэрнэту рэчаў.
Кампанія з’яўляецца нацыянальным гонарам фінаў, паколькі яе бізнэс мабільных тэлефонаў быў найбуйнейшым у свеце брэндам з Фінляндыі. На піку свайго росту ў 2000 годзе на долю Nokia прыходзілася 4 % ВУП краіны, 21 % агульнага экспарту і 70 % рынкавага капіталу Хельсінскай фондавай біржы.[9]
Гісторыя
Пачаткам гісторыі кампаніі лічыцца 1865 год, калі горны інжынер Фрэдрык Ідэстам (фінск.: Knut Fredrik Idestam) заснаваў у Тамперэ, на паўднёвым захадзе Фінляндыі, невялікую папяровую фабрыку. Пазней яго кампанія была ў 1871 годзе пераназваная ў Nokia Ab.
Заснаваная ў 1898 годзе кампанія па вытворчасці гумовых вырабаў Finnish Rubber Works у 1922 годзе атрымала кантроль над кампаніяй Nokia Ab і над заснаванай у 1912 годзе кампаніяй па вытворчасці кабеляў Finnish Cable Works, а ў 1966—1967 гадах адбылося зліццё гэтых трох кампаній у адну. Каб гэтая аперацыя адпавядала тагачаснаму фінскаму заканадаўству, фармальна Finnish Rubber Works і Finnish Cable Works уліліся ў Nokia Ab, самую маленькую з усіх трох.
Аб’яднаная кампанія мела пяць асноўных відаў дзейнасці: вытворчасць гумовых вырабаў, кабеляў і электронікі, перапрацоўка драўніны і выпрацоўка электраэнергіі. З гадамі да іх дадалося некалькі другарадных, напрыклад вытворчасць паляўнічых стрэльбаў, пластыкаў і хімічных матэрыялаў.
З пачатку 1980-х гадоў Nokia пачала актыўна развіваць распрацоўку і вытворчасць электронікі, чаму спрыяла купля шэрагу электронных кампаній. У 1987 годзе асноўным бізнесам кампаніі становіцца бытавая электроніка, у прыватнасці Nokia стала трэцім па велічыні вытворцам тэлевізараў у Еўропе.
У канцы 1980-х Nokia патрапіла ў крызісны стан, чаму спрыяў агульны спад сусветнай эканомікі. Крызіс быў пераадолены рэструктурызацыяй бізнесу, адмовай ад большасці выглядаў дзейнасці і засяроджваннем на новых тэхналогіях — у прыватнасці, развіцці тэлекамунікацыйнага падраздзялення.
Як асобная кампанія ў 1988 годзе з Nokia была вылучаная Nokian Renkaat, якая з 1967 года з’яўлялася яе «гумовым» падраздзяленнем.
У 1989 годзе кампанія прадала фінскаму аператару Radiolinja абсталяванне для сеткі GSM, а ў 1992 годзе выпусціла свой першы ручны GSM-тэлефон Nokia 1011.
У 1994 годзе прэзідэнт Nokia Ёрма Аліла канчаткова сфармуляваў стратэгію кампаніі: адмова ад старога бізнесу і засяроджванне на тэлекамунікацыйных тэхналогіях. Гэтая стратэгія дазволіла кампаніі стаць найбуйнейшым у свеце вытворцам сотавых тэлефонаў: станам на 2007 год доля рынка Nokia ацэньвалася ў 40 %[8].
У чэрвені 2006 года Nokia і Siemens вырашылі аб’яднаць свае аддзяленні па вытворчасці тэлекамунікацыйнага абсталявання ў новую кампанію — Nokia Siemens Networks.
Завод Nokia у Сала быў цалкам зачынены восенню 2012 года. Перамовы па скарачэнні персаналу закранулі 780 работнікаў прадпрыемства. Апошні мабільны тэлефон сышоў з вытворчага канвеера ў Сала 25 чэрвеня. Такім чынам усе вытворчыя магутнасці мабільнага сектара кампаніі з 2012 года засяродзіліся толькі ў краінах Азіі [10].

Дасягненні
- У 2006 годзе Nokia заняла 20-я месца ў складзеным часопісам Fortune спісе самых выбітных кампаній свету. Гэта быў лепшы вынік сярод тэлекамунікацыйных кампаній і чацвёрты вынік сярод кампаній, змешчанымі за межамі ЗША.
- У 2007 і 2008 годзе Nokia прызнавалася самым дарагім брэндам у Еўропе. Брэнд Nokia ацэньваўся ў 38,283 мільярда долараў станам на 2008 год.
Цікавыя факты
- Фірмовы шрыфт Nokia быў распрацаваны дызайнерам Эрыкам Спайкерманам і завецца AgfaMonotype Nokia Sans. Да з’яўлення гэтага шрыфта ў рэкламе і інструкцыях па эксплуатацыі тэлефонаў кампанія выкарыстоўвала стыль Agfa Rotis Sans.
- Першы ў свеце платны званок па мабільным тэлефоне стандарту GSM быў зроблены па тэлефоне Nokia у сетцы, пабудаванай на абсталяванні, вырабленым Nokia. Гэта адбылося ў 1991 годзе ў Хельсінкі, тэлефанаваў прэм’ер-міністр Фінляндыі Хары Холкеры.
- Рынгтон Nokia tune заснаваны на мелодыі гітарнага твора Gran Vals, напісанага ў 19-м стагоддзі іспанскім музыкам Францыска Тарэга. Першапачаткова рынгтон насіў назву музычнага твора, але атрымаў імя Nokia tune у 1998 годзе, калі стаў трывала асацыявацца з тэлефонамі Nokia.
- Стандартны гудок тэлефонаў Nokia пры атрыманні SMS з’яўляецца кодам Морзэ, які азначае «SMS».
- Стандартная мелодыя Ascending код Морзэ фразы «Connecting People».
- Nokia не выкарыстоўвала лічбу 4 у назвах мадэляў тэлефонаў, прызначаных для азіяцкіх рынкаў, бо ў шматлікіх рэгіёнах паўднёваўсходняй і ўсходняй Азіі лічба 4 лічыцца нешчаслівай.
- Nokia часам завуць Aikon (Nokia наадварот). Гэтая назва распаўсюджанае сярод распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння для мабільных тэлефонаў, бо яно выкарыстоўваецца ў камплектах распрацоўкі праграм (англ.: software development kit, SDK), уключаючы Nokia Symbian S60 SDK і Symbian S80 SDK.
- Самая прадаваная мадэль тэлефона за ўсю гісторыю GSM — NOKIA 3310.[крыніца?]
Аб паходжанні імя кампаніі
Кампанія атрымала сваё імя па назве мясцовасці, дзе Фрэдрык Ідэстам купіў у 1868 годзе зямлю пад сваю другую папяровую фабрыку. Маёнтак Нокіа вядомы з 1270-х гадоў, хоць першы дакумент з яго згадваннем датуецца 1505 годам. Цяперашняя Нокіа — мястэчка ў 15 км ад Тампэрэ. Назва самой мясцовасці, як лічыцца, адбываецца ад старадаўняга фінскага слова nois (множ. nokia), што пазначае чорнага собаля, які калісьці вадзіўся ў тых месцах.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ https://www.lobbyfacts.eu/datacard/nokia?rid=35167875358-33
- ↑ National Software Reference Library
- ↑ а б annual report — 2026.
- ↑ annual report Праверана 5 сакавіка 2026.
- ↑ https://www.nokia.com/system/files/2019-05/ec1042891_nokia_20f18.pdf — 2019.
- ↑ https://www.statista.com/statistics/275358/number-of-nokia-employees-since-2005/
- ↑ а б https://www.nokia.com/sites/default/files/files/nokia_20f16_full_report_en.pdf
- ↑ а б Q4 2007 Quarterly results Архівавана 26 ліпеня 2008.
- ↑ Kelly, Gordon. Finland and Nokia: an affair to remember. Wired UK(англ.).
- ↑ Nokia to close Salo plant in autumn
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Nokia- nokia.com (кіт.) (яп.) (фін.) (ням.) (англ.) (фр.) (ісп.) — афіцыйны сайт
Content Disclaimer
Informasi ini disarikan dari Wikipedia dan disajikan kembali untuk tujuan edukasi. Konten tersedia di bawah lisensi CC BY-SA 3.0. Kami tidak bertanggung jawab atas ketidakakuratan data yang bersumber dari kontribusi publik tersebut.
- The information displayed on this website is sourced in part or in whole from Wikipedia and has been adapted for the purpose of restating it. We strive to provide accurate and relevant information, however:
- There is no guarantee of absolute accuracy. Wikipedia is an open, collaborative project that can be edited by anyone, so information is subject to change.
- It is not intended to constitute professional advice. The content displayed is for informational and educational purposes only. For important decisions (e.g., medical, legal, or financial), please consult a professional.
- Content copyright. Wikipedia is licensed under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License (CC BY-SA). This means that content may be reused with appropriate attribution and shared under a similar license.
- Responsible use. Any risk arising from the use of information from this website is entirely the responsibility of the user.