ZX Spectrum

арыгінальны ZX Spectrum 48K

ZX Spectrum — 8-разрадны хатні камп’ютар, створаны англійскай кампаніяй Sinclair Research на аснове мікрапрацэсара Z80 фірмы «Zilog». У працэсе распрацоўкі камп’ютар называўся «ZX81 Colour» і «ZX82»[1], назва «ZX Spectrum» мусіла падкрэсліць адно з галоўных адрозненняў ад яго папярэдніка ZX81 — каляровую выяву. Прыхільнікі гэтага камп’ютара часта называюць яго «Спэкі» (англ.: Speccy).

На пачатку 1980-х «ZX Spectrum» быў адным з найпапулярнейшых камп’ютараў у Еўропе (яго шматлікія клоны на пачатку 1990-х займелі шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі былога СССР/СНД). Дзякуючы невысокаму кошту за першыя 17 месяцаў было прададзена больш за мільён гэтых машын. Нізкі кошт быў абумоўлены шэрагам фактараў: выкарыстаннем тэхналогіі ULA (Uncommitted Logic Array), з дапамогай якой большая частка схемы змяшчалася ў адным чыпе; нізкімі тэхнічнымі і карыстальніцкімі характарыстыкамі ў параўнанні з даражэйшымі камп’ютарамі; выкарыстаннем бытавога тэлевізара як манітора і касетнага магнітафона як знешняга накапляльніка[2].

У 1980-х асноўным канкурэнтам ZX Spectrum на еўрапейскім рынку быў Commodore 64. Іншымі значнымі супернікамі былі 8-бітныя Atari, BBC Micro, Amstrad CPC і ў некаторых краінах MSX.

Тэхнічныя характарыстыкі

«Sinclair ZX Spectrum» быў прэзентаваны ў красавіку 1982 у двух варыянтах — з 16 і 48 КБ аператыўнай памяці[3].

Плата ZX Spectrum 48

«ZX Spectrum 48» меў 16 КБ ПЗП, куды быў прашыты дыялект мовы праграмавання BASIC, гэтак званы Sinclair BASIC[4]. Гэтая ж праграма ПЗП забяспечвала базавы ўвод-вывад і карыстальніцкі інтэрфейс. Сістэмнымі працэдурамі (напрыклад, друкам на экран) можна было скарыстацца з машыннага кода, выклікаўшы іх па абсалютных адрасах[5]. Архітэктары камп’ютара прынялі палітыку не змяняць праграму ПЗП, нягледзячы на наяўнасць у ёй памылак[6][заўв 1]. Размяшчэнне такой «аперацыйнай сістэмы» і мовы праграмавання ў пастаяннай памяці забяспечвала перазагрузку камп’ютара за некалькі секунд, уключна з тэсціраваннем ПАД і, што істотна, змяншала памер праграм (праграміст мог выкарыстоўваць «стандартныя» працэдуры ПЗП, не выдаткоўваючы даступную аператыўную памяць і не губляючы пры гэтым сумяшчальнасць)[7].

Першая мадэль «ZX Spectrum» мела недарагую ў вырабе клавіятуру на 40 гумовых клавіш[3]. Яе характэрнай адметнасцю была шматфункцыянальнасць: алфавітна-лічбавыя клавішы мелі да сямі значэнняў у розных рэжымах. Пры гэтым рэжым уводу адлюстроўваўся з дапамогай курсора. Такімі рэжымамі былі: L — для ўводу малых літар, C — для ўводу вялікіх; K — для ўводу асноўных ключавых словаў BASIC, E — для ўводу дадатковых ключавых слоў і аператараў; G — для ўводу псеўдаграфічных, кіруючых сімвалаў і сімвалаў, вызначаных карыстальнікам. Рэжым пераключаўся як аўтаматычна, так і з дапамогай кіраўнічых клавіш Caps Shift і Symbol Shift. Напрыклад, у пачатку набору BASIC чакае нумар радка або каманду, таму курсар знаходзіцца ў рэжыме K. Аднаразовае націсканне клавішы G у гэтым рэжыме пацягне аўтаматычны ўвод аператара GO TO. Пасля гэтага курсар пераходзіць у рэжым L і дазваляе набіраць лік, імя пераменнай альбо матэматычны выраз (у тым ліку з дапамогай рэжыму Е)[8]. Пазнейшыя мадэлі (пачынаючы ад ZX Spectrum 128) дазвалялі ў якасці альтэрнатывы набіраць каманды мовы па літарах[9].

Здымак экрану, які паказвае ўсе 15 магчымых колераў: 8 розных колераў з двума ўзроўнямі яркасці, чорны колер аднолькавы пры абодвух узроўнях.

Не менш характэрным быў адзіны графічны рэжым камп’ютара пры адсутнасці тэкставага. Колеры (8 колераў і два ўзроўні яркасці плюс атрыбут мігцення) і ўласна графіка захоўваліся ў розных месцах памяці[10]. Пры гэтым, хоць графічнае разрозненне складала 256×192 пунктаў, колерныя атрыбуты задаваліся па знакамесцах. Кожнае знакамесца памерам 8×8 пікселяў магло мець толькі два прыпісаныя яму колеры (гэтак званыя колеры «чарніла» (ink) і «паперы» (paper) у Sinclair BASIC) і па адным атрыбуце яркасці і мігцення[11]. Такім чынам, вобласць 8×8 пікселяў кадавалася 9 байтамі ПАД (8 байтаў — пабітавы малюнак, 1 байт — атрыбуты колеру: 3 біты — колер знаку, 3 біты — колер фону, 1 біт яркасці і 1 біт мігцення знакамесца). Такая арганізацыя выклікала пэўныя праблемы пры стварэнні камп’ютарнае графікі[12]. З іншага боку, малы аб’ём экраннай памяці (каля 7 КБ) дазваляў хутчэй перамалёўваць экран і павялічыць долю ПАД для выкарыстання «ўласна праграмай»[12], што было важным для камп’ютарных гульняў. Акрамя таго, асаблівая арганізацыя графічнага рэжыму дазваляла значна аптымізаваць вывад тэксту пры адсутнасці тэкставага рэжыму[13].

Першыя мадэлі ZX Spectrum мелі аднабітны выхад гуку праз убудаваны дынамік[14]. Прайграванне музыкі, асабліва шматгалоснай, патрабавала выкарыстання амаль усяго рэсурсу працэсара, бо ўвесь гук генераваўся праграмна[15]. У мадэлі ZX Spectrum 128 была дададзена мікрасхема гукагенератара AY-3-8912, што дазваляла прайграваць трохканальны гук без вялікіх выдаткаў працэсарнага часу[16][17]. Падключэнне гэтай мікрасхемы было магчымым і для мадэляў з аб’ёмам памяці 48 КБ[18][19][20].

Мадэлі

ZX Spectrum+ (1984)
ZX Spectrum 128K (1986)

Sinclair Research

Арыгінальныя мадэлі «ZX Spectrum», выпушчаныя «Sinclair Research»:

  • ZX Spectrum 16K/48K (1982)
  • ZX Spectrum+ (1984)
  • ZX Spectrum 128 (1986)

Апаратную частку ZX Spectrum 16K/48K распрацаваў Рычард Альтвасер з «Sinclair Research», корпус машыны быў створаны прамысловым дызайнерам Рыкам Дыкінсанам[6]. Праграмнае забеспячэнне для новага камп’ютара распрацаваў Стыў Вікерс па кантракце з кампаніяй «Nine Tiles Ltd», у якой быў створаны «Sinclair BASIC»[4]. Мадэль мела гумовыя клавішы, мініяцюрны корпус і характэрны лагатып — відарыс каляровага спектра[3]. Камп’ютар быў выпушчаны на рынак у 1982 годзе коштам 125 фунтаў за мадэль з 16 КБ ПАД і 175 фунтаў — за мадэль з 48 КБ; гэтыя кошты пазней былі зніжаны да £99,95 і £129,95[6]. Уласнікі мадэлі з 16 КБ памяці маглі набыць абнаўленне на 32 КБ; для абнаўлення карыстальнікі маглі выслаць свой «Spectrum» у «Sinclair Research» поштай[3][21]. Староннія фірмы таксама прапаноўвалі ПАД-модуль на 32 КБ, які падключаўся ў порт пашырэння[22][23].

З чэрвеня 1984 года распрацоўшчыкі рыхтавалі ZX Spectrum+, які выйшаў у кастрычніку таго ж года[6]. Гэта быў «Spectrum» з 48 КБ ПАД, абноўленым корпусам і клавіятурай; на корпусе з’явілася кнопка перазагрузкі[24]. Даволі скора новая мадэль стала прадавацца ўдвая лепей за папярэднюю[25]; тым не менш, некаторыя прадаўцы паведамлялі пра высокі працэнт паломак[26].

«Sinclair Research» распрацоўвала ZX Spectrum 128 сумесна са сваім іспанскім дыстрыб’ютарам «Investrónica»[27]. «Investrónica» дапамогла адаптаваць «ZX Spectrum+» да іспанскага рынку пасля таго, як іспанскі ўрад абклаў асобным падаткам усе камп’ютары з памяццю 64 КБ і меней, якія не падтрымліваюць іспанскую мову[28]. Новая мадель змяшчала 128 КБ ПАД, трохканальны гук праз AY-3-8912, сумяшчальнасць з MIDI, порт RS-232, RGB-вывад на манітор, а таксама 32 КБ ПЧД з палепшаным Бэйсік-рэдактарам[16]. Машына была ўпершыню прэзентавана і выпушчана ў продаж у верасні 1985 года ў Іспаніі[27]. У Вялікабрытаніі пачатак продажу быў адкладзены да лютага 1986 з-за вялікай колькасці нераспраданых «Spectrum+»; пачатковы кошт «ZX Spectrum 128» быў вызначаны ў £179,95[6].

Працэсар Z80 мае 16-разрадную шыну адраса, таму можа адрасаваць прама толькі 64 КБ памяці. Дзеля доступу да дадатковых 80 КБ ПАД выкарыстоўвалася тэхніка пераключэння банкаў памяці, такім чынам аператыўная памяць была даступная ў выглядзе васьмі старонак, падключаных у верхнюю частку адраснай прасторы. Падобным чынам выконвалася пераключэнне між новымі 16 КБ ПЗП і арыгінальнымі 16 КБ ПЗП у ніжняй частцы адраснай прасторы[17].

Дзеля выкарыстання новых гукавых магчымасцей у «Sinclair BASIC» з’явілася інструкцыя PLAY, дзеля пераключэння ў рэжым «Spectrum 48K» — SPECTRUM[16]. Новыя інструкцыі занялі месца двух існуючых «сімвалаў, вызначаных карыстальнікам»[29], што выклікала праблемы сумяшчальнасці з некаторымі старымі BASIC-праграмамі.

Amstrad

ZX Spectrum +2 (1986)
ZX Spectrum +3 (1987)
ZX Spectrum +2A

Мадэлі «ZX Spectrum», выпушчаныя кампаніяй «Amstrad» пасля перадачы правоў на ўсю лінейку машын:

  • ZX Spectrum +2 (1986)
  • ZX Spectrum +3 (1987)
  • ZX Spectrum +2A / +2B (1987)

У 1986 годзе, неўзабаве пасля набыцця брэнду «Sinclair» і правоў на ўсю лінейку «Spectrum»[30], кампанія «Amstrad» выпусціла ZX Spectrum +2. Машына мела шэры корпус са спружыннай клавіятурай, двума партамі джойстыкаў, а таксама ўбудаваным касетным магнітафонам, названым «Datacorder» (як у «Amstrad CPC 464»), а ўсё астатняе было як у «ZX Spectrum 128». Цана вытворчасці была зніжана, у выніку чаго раздробныя цэны знізіліся да £139-£149.

Новая клавіятура не мела надпісаў з ключавымі словамі BASIC, за выняткам LOAD, CODE і RUN, якія былі трэба для запуску праграм. Аднак гэта не было вялікай праблемай, бо «+2» меў сістэму меню, падобнага да «ZX Spectrum 128», дзе можна было пераключацца між старым BASIC 48K і BASIC 128K з наборам ключавых слоў палітарна[31].

Не выйшлі на рынак

У 1983 годзе Марцін Брэнен распрацоўваў у Sinclair Research гульнявую прыстаўку LC3 (Low Cost Colour Computer), рэалізаваную ўсяго на дзвюх мікрасхемах, з гульнямі на картрыджах. Стыў Бэры распрацоўваў для LC3 шматзадачную аперацыйную сістэму з ваконным графічным інтэрфейсам. Пасля перанакіравання высілкаў на Sinclair QL праект быў спынены ў лістападзе 1983[32].

У сярэдзіне 1980-х Sinclair Research распрацоўвала праект Loki[33], нашмат таннейшы (каля £200) канкурэнта камп’ютара Amiga. Планавалася, што Loki будзе працаваць на Z80H з частатой 7 МГц і мець не менш за 128 КБ ПАД. Для гуку і відэа выкарыстоўваліся дзве спецыялізаваныя мікрасхемы. Праект быў закрыты ў 1986 годзе пасля ўгоды з Amstrad.

Вытворныя і клоны

Timex Sinclair 2068
SAM Coupé

«Sinclair» ліцэнзавала «Spectrum» амерыканскай кампаніі «Timex». Яе мадэлі, вытворныя ад «Spectrum»:

  • Timex Sinclair 2068 (TS2068) — значна больш складаная машына: даданы порт картрыджа, гукавы чып AY-3-8912, а таксама палепшаная ULA з некалькімі графічнымі рэжымамі. Мадэль прадавалася збольшага ў ЗША, хоць амаль ідэнтычныя версіі распаўсюджваліся ў Партугаліі і Польшчы пад назвамі «Timex Computer 2068» (TC2068) і «Unipolbrit Komputer 2086» (UK2086).
  • Timex Computer 2048 — з палепшанай ULA, якая дазваляла пераключацца ў іншыя графічныя рэжымы; прадавалася толькі ў Партугаліі.
  • Timex Sinclair 2048 — версія TS2068 з 16 КБ ПАД; не выйшла на рынак.

Пад канец 1989 у Вялікабрытаніі кампанія «Miles Gordon Technology» (вытворца перыферыі) выпусціла камп’ютар «SAM Coupé», патэнцыйны спадчыннік «Spectrum», сумяшчальны з ім. Аднак на той час ужо выйшлі на рынак «Commodore Amiga» і «Atari ST».

Дзякуючы таннасці і прастаце канструкцыі шырокае распаўсюджанне займелі «неафіцыйныя» клоны «Spectrum» на тэрыторыі былога СССР адразу пасля падзення «жалезнай заслоны». Дзясяткі варыянтаў камп’ютара выпускаліся на заводах і збіраліся радыёаматарамі. Неліцэнзійныя клоны выпускаліся таксама ў Польшчы, Усходняй Германіі, Румыніі, Чэхаславакіі, Аргенціне, Бразіліі і іншых краінах.

Цікавосткі

Гл. таксама

Заўвагі

  1. Шэраг памылак прыведзены ў тэксце The Complete Spectrum ROM Disassembly(недаступная спасылка); у апісанні Spectrum +4 ROM паведамляецца пра выпраўленне 14-ці памылак.

Крыніцы

  1. specLOGO02 і specModel01 у фотаархіве Рыка Дыкінсана
  2. Vickers, Steven and Bradbeer, Robin. 6. Using the cassette recorder // Sinclair ZX Spectrum: Introduction. — Sinclair Research Ltd, 1982. — 21 с.
  3. а б в г Owen, Chris. ZX Spectrum 16K/48K (англ.)(недаступная спасылка). Planet Sinclair (23 сакавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2011. Праверана 22 чэрвеня 2015.
  4. а б Andrew Owen.. Sinclair BASIC History (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2015. Праверана 22 чэрвеня 2015.
  5. Machine Code // Sinclair User. — 1986. — № 47. Архівавана з першакрыніцы 6 чэрвеня 2009.
  6. а б в г д Ian Adamson, Richard Kennedy. The Spectrum of Success // Sinclair and the "Sunrise" Technology: The Deconstruction of a Myth. — Penguin Books Ltd, 1986. — ISBN 0140087745. Архівавана 26 чэрвеня 2012.
  7. Ian Logan, Frank O’Hara. The executive routines // The Complete Spectrum ROM Disassembly. — С. 59.(недаступная спасылка)
  8. Steven Vickers. A description of the ZX Spectrum for reference // Sinclair ZX Spectrum BASIC Programming. — Sinclair Research Ltd, 1982.
  9. Launch of the Spectrum 128 in Spain // Sinclair User. — 1985. — № 44.
  10. Steven Vickers. The memory // Sinclair ZX Spectrum BASIC Programming. — Sinclair Research Ltd, 1982.
  11. Steven Vickers. Colours // Sinclair ZX Spectrum BASIC Programming. — Sinclair Research Ltd, 1982.
  12. а б Mike James. An Expert Guide to the Spectrum. — Granada Publishing, 1984. — С. 74—76. — ISBN 0-246-12278-1.(недаступная спасылка)
  13. Иван Рощин.. Секреты текстового вывода (руск.)(недаступная спасылка). zxdn.narod.ru (1 лістапада 2009). Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2013. Праверана 22 чэрвеня 2015.
  14. Steven Vickers. BEEP // Sinclair ZX Spectrum BASIC Programming. — Sinclair Research Ltd, 1982.
  15. Евдокимов А., Капульцевич А., Капульцевич И. Глава 10 // Как написать игру на ассемблере для ZX Spectrum. — 1995. Архівавана 17 сакавіка 2013.
  16. а б в Hands on the 128 // Sinclair User. — 1986. — № 47. Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2009.
  17. а б Inside the 128 // Sinclair User. — 1986. — № 49. Архівавана з першакрыніцы 6 чэрвеня 2009.
  18. Ю. Дудник. ZX Spectrum 128K — что это такое? // Радиолюбитель. — Мінск: Белорусский Дом печати, 1991. — № 11. — С. 8—9.
  19. Ю. Дудник. ZX Spectrum 128K — что это такое? Ответы на вопросы // Радиолюбитель. — Мінск: Белорусский Дом печати, 1992. — № 5. — С. 8.
  20. Г. Шепелев. Особенности подключения AY-3-8910 к «Спектруму» // Радиолюбитель. — Минск: Белорусский Дом печати, 1994. — № 3. — С. 13.
  21. News // Sinclair User. — 1983. — № 14. Архівавана з першакрыніцы 29 снежня 2008.
  22. Hewson's Helpline // Sinclair User. — 1986. — № 50. Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2009.
  23. Hardware World // Sinclair User. — 1983. — № 16. Архівавана з першакрыніцы 25 снежня 2008.
  24. Spectrum+ // Sinclair User. — 1984. — № 33. Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2008.
  25. Sue Denham. The Secret That Was Spectrum+ // Your Spectrum. — 1984. — № 10.
  26. Owen, Chris. ZX Spectrum+ (англ.)(недаступная спасылка). Planet Sinclair (9 мая 2009). Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2011. Праверана 22 чэрвеня 2015.
  27. а б Your New Spectrum // Your Spectrum. — 1985. — № 21.
  28. David Crookes. Why QWERTY? // Micro Mart. Архівавана з першакрыніцы 21 снежня 2008.
  29. Spectrum character set // ZX Spectrum+3 Manual. — Amstrad Plc., 1987.
  30. Sir Clive Sinclair & Sinclair Research Ltd (англ.)(недаступная спасылка). Sinclair Research Limited (20 мая 2009). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2006. Праверана 22 чэрвеня 2015.
  31. Max Phillips. ZX Spectrum +2 // Your Sinclair. — 1986. — № 11. Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2006.
  32. The Quantum Leap — to where?(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2008. Праверана 22 чэрвеня 2015.
  33. SuperSpectrum! Amstrad has Sinclair’s secret weapon — the £200 SuperSpectrum. It’s everything the Amiga should have been Архівавана 7 ліпеня 2007.
  34. Planet Sinclair(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 верасня 2008. Праверана 22 чэрвеня 2015.
  35. ZX Spectrum +4 Unofficial ROM

Спасылкі

Content Disclaimer

Informasi ini disarikan dari Wikipedia dan disajikan kembali untuk tujuan edukasi. Konten tersedia di bawah lisensi CC BY-SA 3.0. Kami tidak bertanggung jawab atas ketidakakuratan data yang bersumber dari kontribusi publik tersebut.

  1. The information displayed on this website is sourced in part or in whole from Wikipedia and has been adapted for the purpose of restating it. We strive to provide accurate and relevant information, however:
  2. There is no guarantee of absolute accuracy. Wikipedia is an open, collaborative project that can be edited by anyone, so information is subject to change.
  3. It is not intended to constitute professional advice. The content displayed is for informational and educational purposes only. For important decisions (e.g., medical, legal, or financial), please consult a professional.
  4. Content copyright. Wikipedia is licensed under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License (CC BY-SA). This means that content may be reused with appropriate attribution and shared under a similar license.
  5. Responsible use. Any risk arising from the use of information from this website is entirely the responsibility of the user.